

Найбольш жудасная вайна для Беларусі
Кожным трэцім жыццём сваіх дзяцей паплацілася Беларусь за развязаную Пятром І Паўночную вайну. Нашыя землі сталіся арэнай змагання чатырох дзяржаваў і шматгадовай расейскай акупацыі. Зноў вынікам вайны былі паўсюдныя могілкі, спаленыя вёскі і гарады, згалелыя людзі, няшчасныя сіроты.
Шасцімесячная вайна Расеі з Напалеонам каштавала беларусам мільёна чалавек - кожнага чацвертага.
Паўтара мільёна беларусаў загналі ў магілу Першая сусветная вайна, польская і бальшавіцкая акупацыя.
Сталінскі генацыд у 30-40-х гадах, паводле падлікаў навукоўцаў, каштаваў беларускаму народу блізу 2 мільёнаў жыццяў.
Другая сусветная вайна, распачатая Гітлерам і Сталінам, забрала на той свет у Беларусі, паводле ўдакладненых звестак, кожнага трэцяга.
Расейцы, немцы, палякі лічылі сябе народамі, якія нясуць крыж Божай місіі, і калі захоплівалі землі суседзяў, дык прымушалі на свой крыж маліцца і лічыць сябе за вызваленцаў. Беларусы ж здаўна нясуць крыж пакуты. У гэтай розніцы крыецца галоўная несумяшчальнасць псіхалогіі беларусаў з псіхалогіяй расейцаў ці палякаў, якія і сёння не адракліся ўголас ад граху агрэсіўнасці, а праз царкву, касцёл ці вуснамі сваіх шавіністаў выказваюць намер зацвердзіцца ў Беларусі з правам непавагі да нашай культуры, мовы, гісторыі.