Бакіеў абвінавачаны ў арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам

"Па двух артыкулах — забойства двух і больш чалавек, а таксама злоўжыванне службовым становішчам — пакуль прад'яўлены абвінавачанні. Ужо ёсць падставы для яго экстрадыцыі", — цытуе Бекназарава РІА Новости.
Ён таксама паведаміў, што напярэдадні вечарам — 26 красавіка — часовы ўрад Кыргызстана прыняў дэкрэт аб адхіленні Бакіева ад пасады і зняцці з яго прэзідэнцкага імунітэту.
Крымінальная справа супраць Бакіева распачата ў сувязі з гібеллю людзей падчас мітынгу апазіцыі ў Бішкеку 7 красавіка. Тады пры штурме Белага дома загінула звыш 80 чалавек.
16 красавіка Бакіеў пакінуў краіну і накіраваўся ў Казахстан. Гэта стала вынікам перамоў з удзелам прэзідэнтам ЗША, Расіі і Казахстана. Бакіеў напісаў заяву аб складанні паўнамоцтваў.
20 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Бакіеў знаходзіцца ў Мінску. Наступным днём у Выканкаме СНД звергнуты прэзідэнт заявіў, што не прызнае сваёй адстаўкі. "Дзевяць месяцаў таму народ Кыргызстана абраў мяне прэзідэнтам, і я прысягнуў служыць яму. Няма сілы, якая прымусіць мяне адмовіцца ад маёй клятвы. Толькі смерць спыніць мяне", — сказаў Бакіеў.
Паводле яго слоў, прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін настаяў на тым, каб ён напісаў заяву аб адстаўцы ў абмен на гарантыі бяспекі паплечнікам. Аднак гарантыі, паводле слоў Бакіева, не былі выкананы. У той жа час Бакіеў заявіў, што не збіраецца вяртацца на радзіму ў якасці дзейнага прэзідэнта.
Як патлумачыў БелаПАН юрыст беларускай дзяржустановы, які пажадаў застацца неназваным, калі новыя ўлады Кыргызстана запатрабуюць ад Беларусі выдачы Курманбека Бакіева, то гэтае пытанне будзе вырашацца не ў агульнакрымінальнай, а ў палітычнай плоскасці.
У агульнакрымінальнай практыцы, паводле слоў эксперта, пытанне аб экстрадыцыі на тэрыторыі СНД вырашаецца на падставе Мінскай канвенцыі 1993 года аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах. Калі грамадзянін якой-небудзь дзяржавы ўчыніў на яе тэрыторыі злачынства і схаваўся ў Беларусі, то беларускія ўлады абавязаны выдаць яго гэтай дзяржаве.
Разам з тым, у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і нацыянальным заканадаўствам Беларусь не выдае сваіх грамадзян. Пры гэтым магчыма запатрабаванне ў іншага боку матэрыялаў у дачыненні да абвінавачванага і прыцягнення яго да адказнасці на радзіме, калі ўчыненае ім дзеянне прадугледжвае пакаранне па мясцовым крымінальным заканадаўстве.
Не выдаць абвінавачванага Беларусь можа таксама ў выпадку давання яму палітычнага прыстанішча. Тады дзяржава бярэ чалавека пад сваю абарону, і яму няма неабходнасці нават прымаць беларускае грамадзянства, падкрэсліў юрыст.