МУС Нямеччыны апраўдваецца за супрацоўніцтва зь Беларусьсю
Заява прагучала ў адказ на крытычныя публікацыі ў нямецкай прэсе, якая абнародавала нядаўна дэталі супрацоўніцтва сілавых ведамстваў Беларусі і Нямеччыны ў пэрыяд паміж 2008 і 2011 гадамі. У прыватнасьці, паведамляецца, што трэнінгі на тэрыторыі Нямеччыны праходзілі каля ста супрацоўнікаў дзяржаўных структур Беларусі. Паводле нямецкай газэты Tagesspiegel, беларусы прысутнічалі ў якасьці назіральнікаў на разгоне нямецкіх антыядзерных дэманстрацыяў, дзе тамтэйшыя паліцыянты ўжывалі дубінкі, вадамёты і сьлезацечны газ.
Нямецкі бок, аднак, сьцьвярджае, што трэнінгі беларускіх спэцыялістаў былі выключна тэарытычнымі, а пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году — спыненыя наогул.
Паводле інфармацыі самага чытальнага нямецкага выданьня Bild, адказныя прадстаўнікі фэдэральнай паліцыі і фэдэральнага ведамства па крымінальных справах пацьвердзілі ў размове з выданьнем, што навучаньне беларускіх сілавікоў было санкцыяванае ўрадам канцлера Ангелы Мэркель. МЗС Нямеччыны было праінфармаванае пра гэтае супрацоўніцтва яшчэ ў красавіку 2008 і ўхваліла яго. Пра гэта сьведчыць электроннае ліставаньне паміж фэдэральным замежнапалітычным ведамствам і нямецкай амбасадай у Беларусі, урыўкі зь якога цытуе Bild. Так адказны чыноўнік з МЗС прасыгналізаваў у Менск тагачаснаму амбасадару, што супраць гэтага «няма нейкіх істотных пярэчаньняў», аднак, тым ня менш, парэкамэндаваў ня надта агучваць гэтую інфармацыю з тым, каб гэта ня трапіла ў непатрэбным выглядзе ў СМІ.
Аднак ужо новы нямецкі амбасадар у Беларусі, які прыступіў да працы ў сярэдзіне 2010, паставіў пад сумнеў гэты рэкамэндацыйны ліст. У сваім ліставаньні з Бэрлінам ён зрабіў наступны запыт: «На якой прававой аснове базуецца гэты праект?» Толькі больш як праз год супрацоўніцтва было спыненае.
Як паведамляе выданьне Märkische Allgemeine, з нагоды скандалу вакол падрыхтоўкі беларускіх сілавікоў у Нямеччыне найбуйнейшая апазыцыйная фракцыя ў Бундэстагу — сацыял-дэмакраты правялі нараду, на якой было прынятае рашэньне ініцыяваць адмысловыя слуханьні ў парлямэнцкім камітэце ўнутраных справаў.
Паводле прэсавага сакратара Міхаэля Гартмана, «той, хто паціскае руку дыктатару, дакладна ідзе на чырвонае сьвятло». Гартман лічыць неабходным, каб былі названыя імёны ўсіх паліцыянтаў, якія мелі дачыненьне да падрыхтоўкі беларускіх сілавікоў, а сам кіраўнік МУС Ганс-Пэтэр Фрыдрых (ХСС) мусіць патлумачыць, чаму ён сьвядома недакладна інфармаваў парлямэнт.
Тым часам, паўночнанямецкае выданьне Lübecker Nachrichten піша, што інтэнсіўная падрыхтоўка беларускіх сілавікоў вялася ў фэдэральнай зямлі Шлезьвіг-Гальштайн ад сьнежня 2008 цягам амаль двух гадоў.