Юрый Зісер прынёс прабачэнні за Чудзянцова, але звальняць не будзе

Уладзімір Чудзянцоў выдаліў свой акаўнт у Фэйсбуку і выцер усе запісы з Лайвджорнала пасля таго, як у інтэрнэце пракацілася хваля крытыкі. Як высветлілася, Чудзянцоў пачынаў сваю кар'еру журналіста з паклёпніцкіх матэрыялаў на лідараў апазіцыі ў 1990-х. Тады ён быў Уладзімірам Зуевым. Юрый Зісер, уласнік Тут.бая, піша:
«Спадарства, я таксама не заўсёды згодны з тым, што піша сп. Чудзянцоў. Многія яго выказванні я не падзяляю. Калі памятаеце, у сваёй «прэзумпцыі вінаватасці багатых» (з нагоды Porsche Cayenne) я нават выказваў сваю нязгоду публічна.
Прыношу свае выбачэнні ад імя партала за ўсе знявагі, якія нанёс Уладзімір у перыяд сваёй працы на партале.
Будучы асабістымі і апублікаванымі ў яго асабістых акаўнтах ў іншых сацсетках, яны ўсё ж такі ўскосна закранаюць і гонар Tut.by.
Але звальняць яго «за біяграфію» мы лічым як мінімум неправамерным. Службовых праступкаў, за якія прадпрыемства мае права звольніць работніка, ён не здзяйсняў.
Наадварот, яго тэксты добра чытаюць, ён — бліскучы і таленавіты рэпарцёр.
Сёння Уладзімір пакаяўся перад топ-мэнэджарамі Tut.by і атрымаў апошняе кітайскае папярэджанне. Дасягнута дамоўленасць, што пры паўторы падобных эпізодаў ён напіша заяву аб сыходзе.
(…)
Погляды людзей маюць тэндэнцыю эвалюцыянаваць. І калі нехта скажа, што яго погляды і адносіны да падзеяў за 20, або 10, ці нават гадоў зусім не змяніліся — я ў гэта ніколі не паверу.
Таму я адкідаю ўсякую адказнасць Tut.by за дзеянні Чудзянцова 15-20-гадовай даўніны.